top of page

Zde se můžete připojit do podhoubového mailing listu - dáme vám vědět, když vyjde nový článek

Chtěli byste nám zanechat zprávu, navrhnout opravu či komentovat článek? Udělejte to zde.

Barbora Etlíková

Шукаем творчую свабоду іншага тыпу (размова з Наталляй Скарынкай пра творчасьць Купалаўцаў)

За апошні год Наталля Скарынка стала даволі сталым аўтарам Podhoubí, а апошнім часам часцей пісала пра творчасць беларускай тэатральнай групы “Купалаўцы”. Паколькі ў апошніх тыднях яна пачала з імі працаваць, з этычных меркаванняў яе тэксты пра гэта больш не будуць з'яўляцца на Podhoubí. Я выкарыстала сітуацыю, каб задаць Наталлі пытанні, якія неаднаразова ўзнікалі ў мяне не толькі падчас чытаньня яе тэкстаў. Мне заўсёды падавалася, што яе пісьмо - надзвычай выразнае, з дапамогай чаго аўтарка апісвала сваё душэўнае паглыбленне ў спектаклі. Яе тэксты я ўспрымаю як супрацьвагу дыстанцыі ад эмоцый, якую нашмат часьцей можна ўбачыць у чэшскай тэатральнай крытыцы і ў чэшскім тэатры. Мяне цікавілі сувязі, як нараджаецца такі падыход да тэатра і што насамрэч прыводзіць чалавека з такім падыходам да свету ў чэшскае асяроддзе. Як да ўсяго гэтага суадносіцца любоў да Купалаўцаў?


- Што цябе прывяло вывучаць тэатразнаўства ў Чэхіі і менавіта ў Оламаўцы? Якая ў цябе зараз прафесійная спецыялізацыя?


- Гэта насамрэч вельмі цікавая гісторыя, па сутнасьці непасрэдна звязаная з тэмай нашай размовы. Ідэальны пачатак. Я вучылася на трэцім курсе факультэта журналістыкі ўніверсітэта ў Пецярбурзе. Адначасова я рэгулярна пісала для вядомага мінскага літаратурнага часопіса, які даваў мне даволі вялікую прастору для творчасці. На канікулах я якраз была у Менску, дзякуючы чаму атрымалася наведаць прэм’еру Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якая называлася «Дзве душы» (па кнізе Максіма Гарэцкага). Гэта быў спектакль пра самавызначэнне чалавека ў сэнсе погледаў на структуру грамадства, пра нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Вельмі моцная гісторыя. Там мая душа фактычна і падзялілася на дзьве часткі: адна раптам захацела прысвяціць сябе тэатру, а другая неяк яшчэ гэтага не разумела і крыху баялася рызыкаваць. Я прапанавала рэдакцыі матэрыял пра прэм’еру, на што яны адразу радасна кіўнулі, тут жа мне дамовілі білет на наступны спектакль і нават інтэрв’ю з выканаўцам галоўнай ролі. Гэты момант быў для мяне абсалютна пераломным і лёсавызначальным. Пасля той размовы з ім, пасля прэм’еры, пасля ўсяго, што я перажыла вакол яе, я зразумела: я проста павінна займацца тэатрам. У гэта нялёгка паверыць, але гэты чалавек праз шэсць гадоў нечакана вярнуўся ў маё жыццё. Фактычна мы цяпер калегі. Але пра гэта, напэўна, крыху пазней. Для далейшай вучобы я абрала Чэхію перш за ўсё таму, што там была магчымасць бясплатна атрымаць якасную еўрапейскую адукацыю. Галоўнай умовай паступлення было вывучэнне чэшскай мовы. Дзякуй Богу, гэта ў мяне атрымалася. Зараз у мяне фактычна дзве спецыяльнасці — журналістыка і тэатразнаўства. Але ў першую чаргу я засяроджваюся на драматургіі, тэорыі тэатра і крыху на крытыцы.


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Аляксандар Зелянко, Раман Падаляка, Зьміцер Тумас.

Сцэна са спектакля «Дзве душы» (рэж. Мікалай Пінігін, прэм'ера ў красавіку 2016)


- Ці ёсць у цябе агляд беларускіх творцаў, якія працуюць у Чэхіі? За якімі з іх ты сочыш, або з якімі ўжо была ў працоўным кантакце? Можаш прадставіць некаторых з іх (прынамсі тых, якія цябе асабіста цікавяць)?


- У гэтым кантэксце я, бадай, магу назваць толькі Паліну Дабравольскую — яна з Беларусі і, хоць жыве ў Варшаве, зараз стварае новую пастаноўку «Гераіні» ў капрадукцыі з Брненскім тэатрам «Гусь на вяровачцы» (Husa na provázku), прэм’ера якой адбудзецца 19 траўня 2023. Я ўдзельнічаю ў гэтым праекце ў якасці асістэнта драматургіі.


- У рамках фестывалю Тэатральны сьвет Брно ты суправаджала беларускую тэатральную групу «Купалаўцы» і вяла пасляспектакльную дыскусію з творцамі. Пазней ты пазнаёмілася з імі яшчэ бліжэй, таму я падазраю, што ты больш ведаеш пра іх творчасць, чым афіцыйныя СМІ. Не магла б ты падрабязней расказаць пра тое, як гэты калектыў жыве зараз? Мяркую, што Польскі тэатр Арнольда Шыфмана ў Варшаве, дзе ставілі перадапошнюю пастаноўку, не з'яўляецца яго сталым месцам працы?


- Не. Польскі тэатр Арнольда Шыфмана — фактычна толькі адна з тых польскіх сцэн, з якімі калектыў супрацоўнічае і які дае яму сваю прастору для творчасьці. Па сутнасьці, калектыў існуе як сапраўдны незалежны тэатр, які пакуль не мае сталага будынка ці адзінага горада, дзе б працаваў на пастаяннай аснове. Ствараецца сетка міжнародных кантактаў з замежнымі тэатрамі, у першую чаргу польскімі, бо большасьць членаў трупы пераехала менавіта ў гэтую краіну. Сам працэс складаны, але алгарытм яго даволі просты: прыдумляецца новы праект — шукаецца пляцоўка і фінансаванне для яго рэалізацыі — і потым сустракаемся на прэм'еры.


- Ці знала ты ўжо творчасць Купалаўцаў, калі яны працавалі ў складзе мінскага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы? Якое месца займаў гэты тэатр у беларускім тэатральным асяроддзі да падзей 2020 года?


- Безумоўна, я іх знала і хадзіла на іх спектаклі — хоць і не так часта, як хацелася б, бо я не магла сабе гэта дазволіць з-за жыцця за мяжой, але абавязкова кожны раз, калі вярталася ў Беларусь. Мяркую, што на працягу свайго больш чым стогадовага існаваньня тэатр у асноўным займаўся пытаньнем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Вялікая ўвага надавалася інсцэніроўцы беларускіх класічных твораў. У рэпертуары, безумоўна, былі і спектаклі, больш блізкія да сучаснасьці, але першачарговая мэта, як мне падаецца, была звярнуцца да беларусаў — і толькі потым ішло нейкае больш вузкае ўдакладненьне мэтавай аўдыторыі.


- Пражскі Нацыянальны тэатр славіцца тым, што па розных прычынах вымушаны ісьці на мастацкія кампрамісы (напрыклад, думаць пра больш кансерватыўных гледачоў). Да 2020 году ты таксама адчувала, што ў менскім Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ішлі на нейкія мастацкія кампрамісы?


- Цяжка сказаць, бо я бачыла не ўсе пастаноўкі з іх рэпертуару. Але дзякуючы таму, што, напэўна, большасьць з іх была пастаўлена паводле твораў класічнай беларускай літаратуры, магу ўявіць, што, напрыклад, у рамках канцэпцыі беларускай нацыянальнасьці гэты тэатр асабіста для мяне быў бескампрамісны – або ідзеш туды і адыходзіш з упэўненасьцю, што ты беларус, або ўжо ніколі больш туды не ідзеш.


- Што зьмянілася ў плане кампрамісаў, калі большая частка калектыву перайшла ў незалежную сферу? Гэта вельмі незвычайная сытуацыя, таму што творчасьць у незалежнай сфэры дае зусім іншыя магчымасьці, чым творчасьць на дзяржаўнай арэне. Зараз больш пытаюся ў цябе як у назіральніцы на тваё ўражаньне. Магу сабе ўявіць, што я б сама апынулася у незвычайнай сітуацыі, калі б мне як крытыку давялося задумацца пра калектыў, які з дня на дзень пачаў працаваць самастойна, хаця раней актыўна дзейнічаў на афіцыйнай сцэне. Як гэта для цябе – назіраць за гэтым пераходам?


- Я думаю, што перш за ўсё ўзмацніліся намаганьні па папулярызацыі беларускай культуры і мовы, бо незалежная трупа мае неацэнны прывілей свабодна выбіраць, што і як ставіць. Гэта па-першае. Па-другое, зьмянілася арганізацыйная структура калектыву — цяпер няма адзінага галоўнага мастацкага кіраўніка, а наадварот — «Купалаўцы» адкрыты для розных відаў супрацоўніцтва: мы запрашаем да сябе творцаў з цікавымі ідэямі і праектамі. Напрыклад, пастаноўка «Дзяды» увогуле стваралася пад кіраўніцтвам польскага рэжысёра Паўла Пасіні, і толькі за апошнія паўгады над новымі праектамі працавала напэўна шэсьць рэжысёраў. Не ўсе ўдзельнікі гурта — спрадвечныя «Купалаўцы». Мы і не хочам сябе абмяжоўваць. Наадварот, мы хочам зламаць межы. Я лічу гэта навінкай, якая вынікае менавіта з таго, што група перайшла ў незалежную сферу: яна шукае творчай свабоды іншага тыпу.